ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКІЯ ГО́РЫ,

горная сістэма на Пд і ПдУ Кітая, у межах Паўд.-Кітайскай платформы, на Пд ад р. Янцзы. Утварае выгнутую на ПдУ дугу даўж. каля 2000 км. Асн. хрыбты; Наньлін і Уішань; шэраг кароткіх хрыбтоў і масіваў рознага распасцірання. Пераважаюць выш. 800—1000 м, найб. 2158 м. Восевыя зоны хрыбтоў складзены з гранітаў і інш. крышт. парод, па перыферыі — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карст. Характэрны «грыбы», «калоны» і інш. формы выветрывання. Ападкаў 1300—1700 мм за год, пераважна летам. Важны кліматападзел, на Пн пераважаюць субтрапічныя, на Пд — трапічныя ландшафты. На паўн. схілах — шыракалістыя субтрапічныя лясы з дубу, вязу, грабу, буку, на паўд. — вечназялёныя трапічныя лясы з перавагай лаўру, магнолій, камелій і інш.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)